Для цікаўных і дапытлівых

Крыжаванка. Алаіза Пашкевіч: жыццё і творчасць

Па гарызанталі: 2. Пісьменнік, дзякуючы якому Цётка зразумела, што па нацыянальнасці яна беларуска. 5. Празвішча мужа паэткі. 6. Прозвішча рэжысёра тэатра, у якім іграла Цётка. 7. Часопіс, у якім паэтэса была літаратурным рэдактарам. 9. Апавяданне пра хлопчыка-сірату, які выратаваў жураўля, а пасля птушка стала яго лепшым сябрам. 11. Украінскі горад, у якім Цётка выдала свае кнігі “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду” і “Гасцінец для малых дзяцей”. 13. Сапраўднае прозвішча пісьменніцы. 18. Псеўданім, пад якім Цётка выдала кніжку “Гасцінец для малых дзяцей”. 19. Польскі курортны гарадок, дзе лячылася Цётка ад сухотаў (туберкулёз). 22. Жанр твора “Журавель і Чапля”. 23. Любімы старажытны абрад Цёткі. 25. Колькі гадоў пражыла Цётка. 26. Жанр публіцыстычнага твора “Шануйце роднае слова!”. 27. Фальварак, месца нараджэння пісьменніцы. 30. Вёска, у якой прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Цёткі, дзе яна знайшла свой вечны спачын.

Па вертыкалі: 1. Горад, у якім Цётка, займаючыся на курсах выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі прафесара Лесгафта, атрымала веды па медыцыне. 3. Спецыяльнасць паэткі ў псіхіятрычнай лячэбніцы ў Нова-Вілейцы. 4. Універсітэт, у які паступіла Цётка, выехаўшы ў эміграцыю. 8. Прафесія, якую атрымала пісьменніца пасля заканчэння Віленскага прыватнага сямікласнага вучылішча. 10. Месяц, у якім нарадзілася паэтка. 12. Любімы пісьменнік Цёткі. 14. Псеўданім, пад якім выйшла ў Пецярбургу кніжка “Першае чытанне для дзетак беларусаў”. 15. Колькасць дзяцей ў сям’і Пашкевічаў. 16. Сапраўднае імя Цёткі. 17. Польскі ўніверсітэт, у якім вучылася пісьменніца. 20. Занятак Цёткі падчас Першай сусветнай вайны. 21. Верш, які выдаваўся з падзагалоўкам “рэвалюцыя народная”. 24. Народны паэт Беларусі – найлепшы сябар Цёткі, аўтар верша “Аўтарцы “Скрыпкі беларускай”. 28. Нелегальная навучальная ўстанова, якую адкрыла Цётка ў Лідзе ў 1912 годзе. 29. Першая беларускамоўная газета, у першым нумары якой (на першай старонцы!) быў надрукаваны верш паэтэсы “Наш палетак”.

Адказы.

Па гарызанталі: 2. Багушэвіч. 5. Кайрыс. 6. Буйніцкі. 7. Лучынка. 9. Міхаська. 11. Жоўква. 13. Пашкевіч. 18. Тымчасовы. 19. Закапанэ. 22. Казка. 23. Дажынкі. 25. Сорак. 26. Артыкул. 27. Пешчына. 30. СтарыДвор.

Па вертыкалі: 1. Пецярбург. 3. Фельчар. 4. Львоўскі. 8. Настаўніца. 10. Ліпень. 12. Міцкевіч. 14. Цётка. 15. Сем. 16. Алаіза. 17. Кракаўскі. 20. Медсястра. 21. Мора. 24. Купала. 28. Школа. 29. НашаДоля.

Не ведае каханне плагіяту: гісторыя ўзаемаадносін А. С. Пашкевіч і Стэпонаса Кайрыса

У лютым 2021 года ў газеце “Звязда” з’явіўся артыкул Ганны Запартыка, дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва “Алаіза Пашкевіч: таямніца шлюбу, перыпетыі навучання і “вясковая манера”. У сваім артыкуле аўтар называе шлюб Цёткі і Кайрыса дзіўным…і ў доказ прыводзіць успаміны Паўліны Мядзёлка, якая кажа, што шлюб С. Кайрыса і А. Пашкевіч быў фіктыўным.

Вось што піша П. Мядзёлка наконт узаемаадносін Цёткі і Кайрыса: “Не зусім звычайная гэта была пара. У мяне склалася ўражанне, што Цётка з’яўляецца хутчэй кватэранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны. На стале, на паліцах – поўна кніг. Толькі ў гэтым пакоі яна нас прымала, сюды прыносіла пачастунак, ніколі не запрашаючы ў другія пакоікватэры. І толькі раз, выпадкова сутыкнуўшыся ў калідоры з Кайрысам, Цётка пазнаёміла мяне са сваім мужам. Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыццём, не ўмешваючыся ў справы адзін аднаго. Іх ядналі хіба толькі рэвалюцыйныя справы”.

Так, магчыма, шлюб быў фіктыўны. Але доказы павінны быць, як нам падаецца, больш слушныя. Што ж тут дзіўнага, што прымала ў адным і тым жа пакойчыку? Напэўна, гэта ў іх быў пакой-гасціная, і, напэўна, было б больш дзіўна, калі б А. Пашкевіч прымала гасцей на кухні ці ў спальні. З мужам не пазнаёміла. І зноў жа , прычыны могуць быць вельмі розныя: муж заняты вельмі пільнай справай, дрэнна сябе адчуваў і г. д. А калі муж вельмі заняты, ці павінен ён кідаць свае справы і ісці знаёміцца з сяброўкай жонкі?.. Колькі людзей, столькі і варыянтаў паводзін у адной і той жа сітуацыі. Што ж датычыцца таго, што пакойчык быў просценька абсталяваны, дык у Стэпонаса Кайрыса чытаем: “Уладзіліся мы вельмі сціпла, па-студэнцку. Цётка не цярпела мяшчанскага спосабу жыцця, і аж да Першай сусветнай вайны мы абыходзіліся памяшканнем з двух пакояў з кухняй. Наймічкі не мелі, хоць майго заробку за працу стала б і на крыху раскошнейшае жыццё на абаіх”.

І яшчэ: калі шлюб фіктыўны, то чаму менавіта за Кайрыса выйшла замуж Алаіза Пашкевіч? Звернемся да ўспамінаў Стэпонаса Кайрыса і крок за крокам прасочым, як складваліся іх узаемаадносіны.

Сусрэліся Алаіза і Стэпонас у 1902 годзе ў Пецябургу. Ён быў студэнтам тэхналагічнага інстытута, а Алаіза Пашкевіч вучылася на Вышэйшых педагагічных курсах прафесара Лесгафта. Пазнаёміў іх Тодар Іваноўскі. Вось якой запомнілася С. Кайрысу Алаіза з той першай сустрэчы: “Незвычайна жывога характару, яна вылучалася нават і ў шматколерным студэнцкім асяроддзі ды адразу зрабіла на мяне ўражанне чалавека з жывой душой. Па-свойму зблізілі нас і Цётчыны апавяданні з дзён яе маленства”. З Алаізай сустракаліся яны тады даволі рэдка. А ўжо з 1905 года, як зазначае Кайрыс, усё часцей пачалі сустракацца. Пасля лёс развёў іх. А. Пашкевіч выехала за мяжу. Жыла ва Украіне, у Польшчы. Але, пэўна , існавала перапіска, бо вясной 1907 года яны сустрэліся. С. Кайрыс прымаў удзел у рабоце з’езда РСДРП у Лондане. Па дарозе назад заехаў у Закапанэ, да Цёткі. “У Закапанэ, у гуральскай хаціне, знайшоў хворую на лёгкія Цётку – як заўсёды жвавую, чуйную на падзеі і найменш дбайную пра сябе”. А пасля Стэпонас Кайрыс зноў наведаў Алаізу увосень таго ж года. Узнікае пытанне: няўжо Стэпонас Кайрыс паехаў адведваць абсалютна чужую жанчыну? Думаем, што не…

Можа, хтосьці скажа, што ў Стэпонаса Кайрыса няма слоў прызнання ў каханні. Але давайце ўчытаемся ва ўспаміны: “Нашы дачыненні, што станавіліся ўсё больш прыяцельскімі, ад 1906 года былі нагэтулькі блізкія, што ўлетку 1909 года яна гасціла ў мяне ў Мелікесе Самарскай губерні, дзе я па сканчэнню ў 1908 годзе Інстытута тэхналогіі працаваў інжынерам. У 1911 годзе Алаіза Пашкевіч другі раз наведала мяне, ужо на Куршчыне”. Што хаваецца за гэтымі словамі: нагэтулькі блізкія? Магчыма, якраз: мы кахалі адзін аднаго. Зноў жа, камусьці вельмі лёгка прызнацца ў каханні, можа разоў са сто на дзень вымавіць гэтае слова, а іншы будзе шчыра кахаць, але, не скажа пра гэта уголас.

У Цёткі таксама няма слоў прызнання ў каханні, няма вершаў пра каханне. А. Пашкевіч не кахала? Як сказаў Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч прафесар ГДУ: “Ёй было не да гэтага” (газета “Звязда”). А магчыма, Цётка не лічыла патрэбным расказваць усяму свету пра свае інтымныя пачуцці.

І тым не менш.

7 лютага 1911 года Цётка выходзіць замуж за Стэпонаса Кайрыса. Захавалася метрычная выпіска з кнігі віленскага рымска-каталіцкага прыходскага касцёла аб гэтым шлюбе. «Тысяча дзевяцьсот адзінаццатага года, лютага сёмага дня, у віленскім РК прыходскім касцёле кс. Кухта без аб’явы, па індульту п. кіраўніка віленскай РК епархіі ад 11 лютага гэтага года, за № 778 грамадзяніна Сцяпана, па метрыцы Сцяпана Кейрыса, халастога, 32 гадоў, з дзяўчынаю, прыхаджанкаю віленскага святога Рафаіла касцёла, па зробленаму наперад строгаму, з абодвух бакоў на пісьме даследаванню аб перашкодах да шлюбу і не знайшоўшы ніякіх, а таксама па выказанай ад абаіх асоб узаемнай згодзе, знешнімі знакамі паказанай, Вікенція і Урсулы з Пузынаў Кейрысаў, законных мужа і жонкі сына, Сцяпана і Анны з Вызгаў Пашкевічаў, законных мужа і жонкі дачкою, пажанілі і ў асобе касцёла ўрачыста благаславілі ў прысутнасці веры дастойных сведак Іосіфа Сцяпанавіча Пашкевіча, Войцэха Пашкевіча і шмат іншых, якія пры гэтым знаходзіліся».

З вышэйпададзенага дакумента відаць, што шлюб Цёткі з Кайрысам адбываўся без аб’явы, па індульту, гэта значыць па дазволу пана кіраўніка віленскай рымска-каталіцкай епархіі. Звычайна, калі ў касцёле мелася быць абвенчана маладая пара, ксёндз перад гэтым з амбона тры разы абвяшчаў прыхаджанам аб такой падзеі. Алаізе Пашкевіч, якая ў Вільні ў той час знаходзілася нелегальна, няможна было так шырока абвяшчаць аб сваёй прысутнасці. Таму быў узятыіндульт (дазвол на шлюб у вышэйшага культавага чына, які дазваляў вянчаць маладых без папярэдняй аб’явы). З выпіскі відаць таксама, што Цётка выходзіла замуж, калі мела ўжо 35 гадоў, і была на тры гады старэйшая за свайго нарачонага, што ўступалі маладыя ў шлюб па ўзаемнай згодзе і перашкод да гэтага шлюбу касцёл не бачыў, што сведкамі з боку Цёткі былі яе браты Юзік і Войцах, а таксама шмат іншых людзей, якія прысутнічалі пры вянчанні. Такім чынам, з 7 лютага 1911 года Алаіза Пашкевіч пачала называцца Алаіза Кайрыс.

Алаіза Пашкевіч і Стэпонас Кайрыс у сталым узросце заключылі шлюб. Можна меркаваць, што А. Пашкевіч, пэўна, не хацела выходзіць замуж, бо ў яе была вялікая адказнасць перад такім важным крокам у жыцці: яна ж была вельмі хворая. Але ж, гэта толькі здагадкі…

Пасля таго, як А. Пашкевіч выйшла замуж, яна пакінула вучобу ў Львоўскім універсітэце і прыехала ў Вільню. Як зазначае С. Кайрыс, “і ад гэтай пары Цётка-Кайрыс жыла ўвесь час, аж да свае смерці, у Вільні, наведваючы рэдчас Мінск, сваю бацькавіну, маю бацькавіну і Віленшчыну.” І далей зазначае: “Наведваючы разам маю бацькавіну, мне не раз даводзілася дзівіцца, як лёгка і натуральна Цётка ўлучалася ў новае ёй асяроддзе…”

Калі б іх ядналі толькі рэвалюцыйныя справы, калі б яны жылі кожны сваім жыццём, як кажа Паўліна Мядзёка, то наўрад ці былі б такія цёплыя ўспаміны ў Кайрыса, і, наогул, узнікае пытанне: а ці наведвала б Цётка сваякоў мужа? А яшчэ Кайрыс у сваіх успамінах гаворыць аб тым, што Цётка “як найменш рупілася пра свае ўборы”, а далей фраза, якая можа нам сказаць вельмі шмат: “ёй усё ішло”. Напэўна, так скажа толькі той, хто закаханымі вачыма глядзіць на сваю палавінку.

У радасці і ў горы быць разам абяцалі ў час вянчання Пашкевіч і Кайрыс. І як бачым, выконваюць абяцанне. У студзені 1916 года пасля атрымання паведамлення аб смерці Стэфана Пашкевіча яны абое выехалі на пахаванне, а затым паехалі ў Стары Двор. С. Кайрыс вярнуўся на працу, а Цётка засталася на радзіме. І калі Цётка захварэла, то паведамілі пра гэта С. Кайрысу (навошта паведамляць чужому?!) І як жа адрэагаваў на паведамленне “чужы” С. Кайрыс? Чытаем: “Таго ж дня выехаў чыгункаю і з Васілішак пехатою дабраўся да Старога Двара. Жонка ляжала непрытомная. Захварэла на тыфус”. Напэўна, так і патрэбна быць: ля цяжка хворай жонкі, у апошнія хвіліны яе жыцця знаходзіцца муж.

І як бы там хто ні гаварыў пра ўзаемаадносіны Цёткі і Кайрыса, з успамінаў відаць, што іх узаемаадносіны былі далёкія ад фіктыўных. І калі б Стэпонас Кайрыс пісаў свае ўспаміны не ў 1954 годзе, магчыма, было б больш інтымных падрабязнасцей, якія сказалі б нам, што С. Кайрыс і Алаіза Пашкевіч кахалі адзін аднаго.

“Не ведае каханне плагіяту, Тут кожны геній, творачы свой лёс…” – сказала Зінаіда Дудзюк. І з ёй мы не можам не пагадзіцца.

А. С. Балобан, кіраўнік народнага музея А. С. Пашкевіч (Цёткі)

Крапівіха… Што нам слова расказала…

Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч мела шмат псеўданімаў, але больш вядомая пад псеўданімам Цётка. Псеўданім Цётка быў ужыты ёю ў “Першым чытанні для дзетак-беларусаў” – з дзеткамі гаварыла родная цётка, якая хацела дабра сваім пляменнікам. Але былі яшчэ і Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Крапіўка, Мацей Крапіўка, Крапівіха, Тымчасовы, Банадысь Асака…

У тэатры А. Пашкевіч выступала пад псеўданімам Крапівіха. Л. Л. Арабей зазначае – “ад літаратурнага Мацей Крапіўка”. Але ўзнікае пытанне: чаму Мацей Крапіўка, Крапіўка, Крапівіха? У аснове слова – крапіва. Чым прывабіла паэтку гэта расліна? Напэўна, сваёй жыццястойкасцю: якія моцныя карані, як глыбока ўвайшлі ў зямлю – не высекчы! Як моцна шляхцянка А. Пашкевіч пусціла свае карэнні ў народную глебу! Напэўна, таму ў тэатры вабілі яе ролі жанчын з народа, з якімі яна выдатна спраўлялася: у камедыі «Па рэвізіі» Крапіўніцкага Цётка выконвала ролю старой вясковай бабы Пантурчыхі, у п’есе «У зімовы вечар» па аднайменным апавяданні Элізы Ажэшкі старой Насты. Язэп Лявонавіч Дыла, беларускі грамадскі дзеяч і пісьменнік, былы акцёр тэатра Буйніцкага, у сваіх успамінах піша: «31 ліпеня ў памяшканні полацкага тэатра паказвалі “У зімовы вечар” Э. Ажэшкі. П’еса карысталася асаблівым поспехам, бо ўсіх захапляла ўмелая і шчырая ігра паэткі А. Пашкевіч (Цёткі), якая выконвала ролю старое Насты». Далей, у тых жа ўспамінах: «15 жніўня ў Вілейцы ставілі “У зімовы вечар”, і пяснярка А. Пашкевіч у выкананні ролі старое Насты мела, як і раней, вялікі поспех».

А якая карысная расліна крапіва! Колькі мае лекавых уласцівасцей!.. А яшчэ пякучка-крапіва. Ці не такая і сама Цётка. Гэта ж яна, Алаіза, як успамінаў яе муж Стэпонас Кайрыс, была “вельмі чуйная на падзеі выбуховага характару, не церпела аніякіх кампрамісаў ані ў сабе, ані ў іншых, адкідала ды высмейвала ўсякія канвенансавыя формы ў дачыненнях”.

Сваёй творчасцю, грамадскай дзейнасцю А. Пашкевіч жывіла душы людзей, хацела напоўніць іх чуласцю, спагадай, дабрынёй…І ў той жа час пякла, абуджала да дзейнасці, запальвала іх агнём, не давала быць спакойнымі, абыякавымі.

А. С. Балобан, кіраўнік народнага музея А. С. Пашкевіч (Цёткі)

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЭКСПАНАТА

Літаратурна-мастацкае выданне “Акрыленыя родным словам”. Ларыса Косач-Квітка (Леся Украінка) і Алаіза Пашкевіч (Цётка), 2021г.

Цётка: З табой мы хадзілі па вуліцах Львова,

             І ў Мінску сустрэцца маглі мы не раз.

Леся: Ды толькі вось сёлета, у год юбілейны,

           Сустрэцца прыйшлося не раз.

Экскурсавод: Праходзьце, калі ласка. Вельмі рады зноў бачыць вас у нашай школе, дзе яшчэ да гэтага часу жывуць светлыя ўспаміны пра вашы сустрэчы.

Цётка: І я з цяплом успамінаю той лютаўскі дзень, твой дзень нараджэння, Леся, калі мы ўпершыню сустрэліся з табою.

Леся: Светлыя ўспаміны ў мяне і ад нашай сустрэчы ў ліпені, калі святкавалі твой дзень нараджэння, Ліза!

 Экскурсавод: А я хачу ўзгадаць яшчэ адну вашу сустрэчу. Сустрэчу на старонках кнігі. Падчас ранейшых сустрэч, у дзень нараджэння, вы дарылі адна адной кнігі, а сёння я хачу падарыць вам цудоўную кнігу з такой паэтычнай назвай “Акрыленыя родным словам”.

Цётка. Якая прыгожая кніга!!!

Леся: Згодна. Вельмі хочацца сказаць дзякуй за такі цудоўны падарунак. Але каму?

Экскурсавод: Найперш неабходна сказаць шчыры дзякуй аўтарам ідэі яднання вас, вялікіх паэтэс, дзвюх духоўных сясцёр, на старонках кнігі – першаму сакратару Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Івану Сцяпанавічу Башняку і намесніку старшыні Шчучынскага райвыканкама Алене Васільеўне Пасюта.

Але ад задумы да кнігі прайшоў цэлы год. Было шмат сустрэч, абмеркаванняў. Спачатку меркавалі выдаць невялікі зборнік – параўнаць вашы лёсы, творчасць: у вас жа так шмат агульнага!!! Але вырашылі, што вы заслугоўваеце большага.

Трэба сказаць шчыры дзякуй Пасольству Украіны ў Рэспубліцы Беларусь і Шчучынскаму райвыканкаму, Валынскаму ўніверсітэту імя Лесі Украінкі, таму што кніга “Акрыленыя родным словам” – гэта праект Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь і Шчучынскага райвыканкама пры падтрымцы Валынскага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі, прысвечаны 145-годдзю з дня нараджэння твайго, Алаіза Пашкевіч і 150-годдзю з дня нараджэння цябе, Ларыса Косач-Квітка                      

Таксама словы падзякі заслугоўвае Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, НАН Беларусі і наша Астрынская школа, якія прыклалі намаганні па выданні кнігі.

Леся: Я шмат чытала твораў Алаізы і хацела б, каб мае землякі пазнаёміліся з творчай спадчынай слаўнай дачкі беларускага народа.

Хацела б быць зярном пшаніцы,

Упасць на ніўкі вёскі,

Зазалаціцца, без мятліцы

Даць хлеб смачнейшы трошкі…

Цётка: А гэта ж твае кранальныя радочкі, Леся:

Хацела б я песняй зрабіцца

Хвілінаю светлай такой,

Быць роднай сястрой бліскавіцы,

Як рэха, лунаць над зямлёй…

Экскурсавод: Не хвалюйцеся, шаноўныя. Значнасць гэтага зборніка ў тым, што чытачы могуць пазнаёміцца з вашым жыццёвым і творчым шляхам, прачытаць вашы паэтычныя творы на беларускай і ўкраінскай мовах.

Леся: Цудоўна. (гартае кнігу). Вось як прыгожа гучаць твае радочкі, Ліза, на ўкраінскай мове (чытае на стар.148):

Хотіла б я зерном пшениці

На вбогу впасти ниву,

Зазолотитись, без мітлиці

Подарувати жниво.

Цётка: Як добра, што нашы суайчыннікі змогуць чытаць творы ў арыгінале: мовы ж нашы блізкія, родныя, (адгарнула кніжку, на старонцы 96 чытае):

Хотіла б я піснею стати

У сюю хвилину ясну,

Щоб вільно по світі літати,

Щоб вітер розносив луну.

Экскурсавод: А яшчэ чытачам, напэўна, будзе цікава прачытаць словы дзеячаў культуры пра вашу творчасць.

Вось паслухай, Алаіза, як акрэсліў значнасць тваёй асобы Мікола Ермаловіч, гісторык: (Слайд 15)  “Цётка як бы аб’ядноўвала ў сабе дзвюх выдатных жанчын нашай старажытнасці: Рагнеду і Ефрасінню Полацкую. Як першая, яна была барацьбітом за волю радзімы і, як другая, – асветніцай свайго краю”.

А гэтыя шчырыя словы пра цябе, Ларыса, сказаў Іван Драч, паэт, перакладчык, сцэнарыст, драматург, дзяржаўны і грамадскі дзеяч: “Адкрытасць яе душы, уладная шчырасць яе таленту зачароўвае – бо кожны вялікі паэт зноў і зноў адкрывае свет, сваімі незабыўнымі словамі запрашае да свайго новага адкрыцця”.

Цётка: Мы ўдзячны, нашчадкі, што вы ацанілі

Плён нашае працы і безліч ідэй,

Бо ўсё, што калісьці ў жыцці мы рабілі,

Сагрэта любоўю да простых людзей.

Леся: Для вас, для нашчадкаў, мы так шчыравалі,

Каб кніжку чытаць вы заўсёды маглі,

Каб роднае слова ў хаце гучала

І вольнымі вы каб на свеце жылі.

Экскурсавод: Спадзяюся, што кніга “Акрыленыя родным словам” стане важным укладам ва ўшанаванне вашай памяці, памяці дзвюх выдатных паэтак, а таксама важнай падзеяй у развіцці добрасуседскіх адносін паміж Украінай і Беларуссю – дзвюма дружалюбнымі дзяржавамі, народы якіх маюць блізкія, але асаблівыя, непаўторныя культуры.